Пра сродкі абароны ад „Беллегпрама”



“Беллегпрам” радуе. Вось рэальна. Сказала кіраўніцтва краіны вырашыць пытанне недахопу масак. І вырашылі. Як казалі за савецкімі часамі, партыя сказала трэба, камсамол адказаў: “Ёсць”. За справу ўзяліся прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Я ўжо думала, што беларускіх масак давядзецца чакаць столькі ж, колькі рваных ільняных джынсаў ад “Беллегпрама”, якія так і не з’явіліся. Я ўжо думала, што беларускія маскі таксама з’явяцца на святыя ніколі. Аднак не. Маскі сапраўды з’явіліся. І самае цікавае, форма масак цалкам нагадвае тое, на чым спецыялізуюцца прадпрыемствы. Такое адчуванне, што да некаторых лякалаў проста вяровачкі дадалі – і, вуаля, з’явілася маска. Мужчынскія майткі і жаночыя станікі пераўтвараюцца ў элемент абароны носа і рота.

Кіраўнік краіны яшчэ тыдзень загадаў вырашыць у самыя сціслыя тэрміны недахоп масак. Маўляў, што мы гэтую маску няшчасную не можам пашыць. Гэтым разам, што праўда, абышлося без парадаў, як гэта было 14 гадоў таму, скрасці лякалы за мяжой і пашыць прыгожа. Але і маскі – гэта не жаночая вопратка. Лякалы можна свае ўзяць. І ўзялі. Цяпер інтэрнэт-карыстальнікі жартуюць пра знешняе падабенства масак з асноўнымі таварамі прадпрыемства. У “Світанка” падобныя на майткі. У “Мілавіцы” – на станікі. Добра, што “Добрушскі фарфоравы завод” ці “Белвест” не сталі шыць маскі. А тое б давялося насіць кубкі альбо кеды на тварах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ