Пра стабільнасць
Час спыніўся. І няважна на дварэ 1980 ці 2022. Беларускія прафсаюзы ўсё так жа займаюцца размеркаваннем пуцёвак ці нейкімі забаўкамі. На сваю функцыю, абарону працоўных, яны даўно забыліся. А, можа, і не чулі ніколі. Калі што, то перадайце ім, што ў Беларусі шмат працоўных былі звольненыя з палітычных прычын. І ў дадзеным выпадку прафсаюзы мусяць нешта пачаць рабіць для абароны, а не забаўкі праводзіць. Для відовішчаў цырк ёсць.
На 1 траўня Гомельска абласное аб’яднанне прафсаюзаў рыхтуе спартовыя і забаўляльныя мерапрыемствы. Сярод якіх – конкурсы, гульні, віктарыны, канцэрт. Карацей, усё тое, што стабільна робіцца ў Беларусі на 1 мая. Сапраўды, чым яшчэ прафсаюзам займацца? За абарону правоў працоўных можна і суткі арышту атрымаць. А вось спартовыя мерапрыемствы нікога не цікавяць. У прынцыпе, яны і працоўных не вельмі цікавяць. Каму трэба, той у спартовую залю і так сходзіць. А ўсе гэтыя агульнагарадскія мерапрыемствы на 1 мая нагадваюць савецкі саюз. Толькі на дварэ ўжо, праўда, XXI стагоддзе. І вяртанне савецкіх часоў мала хто хоча. Таму час ужо прафсаюзам на іншы ўзровень пераходзіць. Ды і працоўным цяпер трэба зусім іншае. А не ўся гэтая паказуха.