Пра сталінскі і пуцінскі нос
Ёсць такая кніга – “Сталінскі нос”. Гэта твор, які ў даступнай форме распавядае дзецям пра сталінскія рэпрэсіі і пра тую атмасферу, у якой жылі тады. Герой – школьнік Саша Зайчык, які чакае, як яго прымуць у піянеры. Аднак за адну ноч ягонае жыццё змяняецца, калі ягонага бацьку арыштоўваюць, а сам ён выпадкова адбівае нос бюсту Сталіна. У творы ёсць і пра чэргі сваякоў рэпрэсаваных. І пра дзяцей ворагаў народу. І пра тое, як у школе да іх ставіліся настаўнікі. І пра арышты дзяцей. І пра атмасферу стукацтва. І вось цяпер падзеі гэтай кнігі, як у тым фільме жахаў, пераўтварыліся ў рэальнасць. У Маскве школьнік 6-га класа выказаў сваю пазіцыю наконт вайны ва Украіне, а да яго прыйшла паліцыя і адключыла электрычнасць. Добра, што пакуль, як у “Сталінскім носе” бацькоў разам падлеткам не забралі адпаведныя органы. Але гэта, відаць, толькі пакуль.
І ста год не прайшло, а рэпрэсіі вярнуліся. Цяпер у Расеі 15 год пагражае за фэйкі пра агрэсію ва Украіне. А ў дачыненні да хлопчыка 6-га класа проста арганізавалі нейкі тэрор у школе. Як паведамляе “Новая газета”, усё здарылася на ўроку гісторыі. Настаўніца распавядала вучняў, як пад капірку, афіцыйную інфармацыю ўладаў Расеі. На што хлопчык спытаў, чаму Пуцін пачаў вайну. А пасля ўрока закрычаў “Слава Украіне”. Гэта стала падставай для таго, каб у школу завіталі супрацоўнікі інспекцыі па справах няпоўнагадовых, якія захацелі правесці размову з хлопчыкам і ягонай маці. Да дому прыехалі паліцэйскія, якія адключылі электрычнасць і пакінулі позву на допыт. А самае цікавае, хто ўсё-такі здаў 12-гадовага хлопца, навучэнца 6-га класа, які асмеліўся пракрычаць “Слава Украіне” ў маскоўскай школе? Відаць, у хуткім часе з’явіцца працяг твора “Сталінскі нос”, які атрымае назву “Пуцінскі нос”.