Пра сціпласць
Памятаеце анекдот: «Я самы вялікі чалавек на свеце. Але сціплы». Дык вось: гэта пра Ганну Канапацкую. Патэнцыйная кандыдат у прэзідэнты заявіла, што ў прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічаюць толькі два сур’ёзныя палітыкі: яна і Лукашэнка. Сапраўды, падумаеш, фільм пра Віктара Бабарыку набраў 200 тысячаў праглядаў. Падумаеш, на пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў выстройваліся цэлыя чэргі. Сур’ёзных палітыкаў, на думку Ганны Канапацкай, двое: яна і Лукашэнка. А апазіцыйны рэальны палітык увогуле адзін: яна сама. Як той казаў, сціпласць упрыгожвае чалавека. І чаго Ганна Канапацкая спынілася на хвальбе самой сябе. Трэба было сказаць, што яна самы прыгожы, самы разумны, самы стылёвы кандыдат. А самае галоўнае, самы сціплы.
А яшчэ Ганна Канапацкая верыць у сябраў тэрытарыяльных камісіяў. Маўляў, калі яны ўбачаць, што падтрымка аднаго вядомага кандыдата складае 25%, то ў іх не падымецца рука напісаць іншыя лічбы. Святая прастата. Яшчэ як падымецца. Незалежна ад таго, якая рэальная падтрымка – 3% ці 25% – камісіі ўсё роўна напішуць 70-80%. Прычым незалежна ад таго, будзе ўдзельнічаць у выбарах рэальны апазіцыйны палітык Ганна Канапацкая ці не.