Пра суслікаў



У Нясвіжскім раёне знішчылі калонію суслікаў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу. Месца жыхарства звяркоў не ахоўвалася, бо мясцовыя органы не далі адпаведны статус. У Нясвіжскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, хоць і ведалі пра суслікаў, але кажуць, што не атрымалі пашпарт з Акадэміі навук. А раз не атрымалі, то і не даслалі ніякіх дакументаў у райвыканкам. І райвыканкам, раз нічога не атрымаў, то і не ўзгадніў. Цікава, праўда, ці падпісаў бы, калі б атрымаў? Гаспадарку, якая карыстаецца полем, дык і ўвогуле забылі папярэдзіць пра суслікаў. Канешне, суслікі – гэта вам не бчб-сцяг і не Пагоня. Вось калі б хтосьці на полі крыкнуў “Жыве Беларусь”, то папярэдзілі б усіх: і райвыканкам, і міліцыю. А суслікі, нават і занесеныя ў Чырвоную кнігу, мясцовыя ўлады мала хвалююць. Мясцовыя ўлады цяпер хвалюе адзінае: каб не было бчб-сцягоў.

Самае цікавае, што поле, дзе жывуць суслікі, можна выкарыстоўваць для сельскагаспадарчых патрэб. Проста трэба адмысловая тэхніка, якая б парушала толькі верхні слой зямлі і не закранала суслікаў. І як вы думаеце, маецца такая тэхніка? Не! Сапраўды, якая тэхніка для шчыліннага падсеву! Гэта ж вам не аўтазак. Такую сельскагаспадарчую тэхніку для разгону не скарыстаеш. Ну, а суслікі? Улады Беларусі менш за ўсё хвалююць суслікі, нават і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Улады Беларусі цяпер змагаюцца з іншадумствам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ