Пра свята гарачай вады



Еўрапейскія гульні скончаныя, можна адключаць гарачую ваду. А вось з перамяшчэннем па цэнтры сталіцы ўсё яшчэ праблемы: напярэдадні 3 ліпеня рух на час рэпетыцый парада абмяжуюць. У такія моманты пачынаеш спачуваць жыхарам Менска.

Лета – перыяд, калі ва ўсіх дамах на два тыдні адключаюць гарачую ваду. Здараецца гэта кожны год. Чаму ў еўрапейскіх краінах такой прафілактыкі няма – пытанне да беларускага Міністэрства ЖКГ, якога, між іншым, таксама ў Еўропе няма. Можа, таму і гарачую ваду ў нас адключаюць, а там не. Бо чым жа яшчэ будзе займацца Міністэрства ЖКГ. Аднак паколькі ў Менску праходзілі Еўрапейскія гульні, то і падыход да гарачай вады там быў еўрапейcкі. На гэты час ва ўсім горадзе адмянілі адключэнне гарачай вады. Аднак не цалкам, а толькі на момант правядзення гульняў. І вось гульні скончыліся, а з імі і Еўропа: гарачую ваду далей адключаюць, паводле планаў.

Падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў усе былі з гарачай вадой. Хоць нейкая карысць ад іх была. Аднак перамяшчэнне па горадзе было складаным: часта цэнтральныя вуліцы перакрывалі. Гульні скончыліся, а вуліцы перакрываць не спынілі: напярэдадні 3 ліпеня трэба было адрэпетаваць парад. Дзякуй богу, што пасля 3 ліпеня няма больш ні гульняў, ні святаў. Нарэшце можна будзе ездзіць па горадзе нармальна. А яшчэ ўключаць гарачую ваду, дык увогуле будзе камфортна жыць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ