Пра свята мужчын



У Беларусі трэба тэрмінова ўводзіць свята мужчын, каб з’явіўся дзень, калі можна падарыць мужской палове шкарпэткі з шампунем і выпіць за гэта віна. Бо пакуль што мужчынскім святам лічыцца 23 лютага, які нібыта з’яўляецца Днём савецкай арміі і ваенна-марскога флоту. Хаця даўно няма ні таго, ні іншага. Больш за тое, у савецкіх школах вучылі, што 23 лютага 1918 года байцы новай Чырвонай арміі ваявалі супраць немцаў у раёне Пскова і Нарвы. Аднак, як аказалася, ніякіх баёў у гэты дзень каля Нарвы і Пскова не было. Карацей, што дакладна святкуецца, ніхтое не ведае, але шкарпэткі дораць спраўна.

Зайшла з дзецьмі ў краму. У дачкі ў руках быў слоік з кормам для катоў. Прадавачка ўбачыла і пытае: “Што, набылі шкарпэткі да свята?”. Доўга думаючы, што за свята, я раптам узгадала, што гэта ж 23 лютага хутка. “Не, мы не святкуем”, – адказала я. І са здзіўленнем убачыла, што гандлярка здзівілася. Яна мне, канешне, нічога не сказала, але, пэўна, пашкадавала мужчынскую палову нашай сям’і, якая будзе без шкарпэтак на 23 лютага. Бо застацца ў Дзень абаронцы Айчыны без шкарпэтак – гэта як застацца без кветак на 8 сакавіка. А ўвогуле беларускіх жанчын зразумець можна: іх жа віншуюць з Міжнародным жаночым днём. Вось  і яны ў адказ хочуць павіншаваць мужчын з міжнародным мужчынскім днём. Засталося толькі дзень абраць правільны. І 23 лютага, якое не мае ніякага дачынення да сучаснага беларускага войска, – гэта не самая лепшая дата.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ