Пра святыя ніколі
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і дырэктары школ у межах пасяджэння асацыяцыі кіраўнікоў установаў адукацыі абмеркавалі стварэнне адзінай платформы дыстанцыйнага навучання. А таксама абмеркавалі сучасныя падыходы ў працы з сям’ёй. Крута! То бок беларуская адукацыя ў надзвычайных умовах, а менавіта эпідэміі каронавірусу, паказала поўную сваю нежыццяздольнасць. А тут кіраўнікі ўстаноў адукацыі разам з Качанавай спакойненька сабе абмяркоўваюць у інтэрнэце выкарыстанне ІКТ у адукацыі. Такое адчуванне, што размова вялася пра цэны на шкарпэткі. Ды канферэнцыя мусіла прайсці ў рэжыме: ахтунг, беларуская адукацыі знаходзіцца там, куды прыстойныя людзі не адпраўляюць. Пасля таго, як навучанне ў чацвёртай чвэрці цалкам скінулі на бацькоў, калі міністэрства адукацыі і асацыяцыя кіраўнікоў установаў адукацыі цалкам правалілі дыстанцыйнае навучанне і навучанне ўвогуле, спакойна сабе размаўляць пра тое, што ідзе актыўная работа над стварэннем адзінага партала, мякка кажучы, несумленна. Тут не адзіны партал ствараць трэба, а рэформу сістэмы адукацыі праводзіць. Прычым не такую, як звычайна. А самую сапраўдную.
“Размова будзе садзейнічаць таму, каб і ў далейшым прымаць абсалютна правільныя рашэнні, якія будуць ісці на карысць развіцця сістэмы адукацыі”, — сказала Наталля Качанава. А старшыня Савета Рэспублікі – вялікая аптымістка. Якой развіццё? Падаецца, беларуская сістэма адукацыі развіваецца зусім у адваротным накірунку. Затое, можа быць, да канца года з’яіцца адзіная платформа дыстанцыйнага навучання. Прынамсі, Наталля Качанава заявіла, што будзе зроблена ўсё магчымае. То бок на восень прагназуюць другую хвалю эпідэміі, а платформы дыстанцыйнага навучання дагэтуль няма і з’яўленне яе ў бліжэйшы час не плануюцца. Аператыўна працуюць. Замест таго, каб абмеркаваць, што рабіць увосень, кіраўнікі школ і Савет Рэспублікі міла вядуць размову пра тое, што можа быць у канцы года штосьці і з’явіцца. Ага, на святыя Міколы або ніколі.