Пра так званую выспу стабільнасці



Беларуская прапаганда гадамі працуе паводле прынцыпу: вакол усё кепска і толькі ў Беларусі – добра. Вось пачытаеш дзяржаўныя СМІ, дык там – дзесьці землятрус, дзесьці масавае беспрацоўе. І толькі ў Беларусі – усё стабільна. У нас нават цэны на паліва не падвышаюцца, а змяняюцца. І вось цяпер самая галоўная страшэнная навіна, якая мусіць усіх напалохаць, – у заходніх краінах не хапае прадуктаў, а ААН прагназуе голад. Пачытаеш, што пішуць у беларускіх дзяржаўных СМІ пра Еўропу, дык там зусім гамон. Масавае беспрацоўе, у фермераў угнаенняў няма, зварочваецца сацыяльная падтрымка, а цэны на газ растуць. Карацей, проста нейкая цемрадзь. І як вы зразумелі: толькі ў Сінявокай пасяўная і разумнае кіраўніцтва, якое паклапоціцца, каб народ не адчуў на сабе санкцый, голаду, недахопу прадуктаў і ўсяго-ўсяго.

Падчас сустрэчы Качанавай з кіраўнікамі адміністрацый раёнаў Мінска прагучала, што заходнееўрапейскія краіны сутыкнуліся з дэфіцытам прадуктаў харчавання. Пачытаеш падобнае і ажно страшна становіцца за еўрапейцаў. Паглядзіш сваю фрэнд-стужку ў фэйсбуку – падаецца, нармальна, ніхто на недахоп харчавання ў Еўропе не скардзіцца. Чаго не скажаш пра Беларусь, дзе з продажу ўжо зніклі некаторыя віды тавараў: напрыклад, недарагія яблыкі ці некаторыя замарожаныя ягады. Аднак прапаганда працягвае прыдумваць, як кепска захадзе. Калі так далей пойдзе, дык скажуць што ў Еўропе кісларод і вада скончыліся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ