Пра танцы на касцях
Тэма нумар адзін – вайна. Побач з мяжой Беларусі – разбурэнні і гвалт. Самі беларусы ў роспачы: хтосьці баіцца вайны, хтосьці ў яе не верыць. Аднак пра вайну думаюць усе. І толькі нацыянальны парк “Прыпяцкі” рыхтуецца да масленкі. У іх там будуць святы пад слоганам “Зіму праважаем, вясну сустракаем”. То бок у суседняй Украіне – гуманітарная катастрофа, жанчыны нараджаюць дзетак у метро, па мірных жыхарах страляюць, дамы бамбяць. А нацыянальны парк “Прыпяцкі” збіраецца зіму праважаць з гульнямі і забаўкамі. Дзесьці побач слёзы жанчын, смерці дзяцей. А ў “Прыпяцкім” вяселле і добры настрой. Проста танцы на касцях. Не, хаця б нейкае сумленне мелі. Вайна. Цэлы свет падтрымлівае Украіну. А кіраўніцтва нацпарка “Прыпяцкі” збіраецца свята ладзіць. Лепей бы зладзілі супрацьваенную акцыю. Аднак не: яны Масленіцу будуць праводзіць. Часам лепей маўчаць. Аднак гэта не пра нацпарк “Прыпяцкі”. Ва Украіне бежанцы, жанчыны з дзецьмі ідуць па некалькі гадзін да мяжы. А ў “Прыпяцкім” заклікаюць прыйсці і павесяліцца. Украінскія гарады разбураныя, а ў Ляскавічах чучала зімы збіраюцца спальваць. І самае горшае, яны, відаць, нават не ўсведамляюць, што яны робяць кепскага. Відаць, не навучылі іх у дзяцінстве, што такое зло, а што такое дабро.