Пра тэрмінатараў з Міністэрства абароны
За прэмію Дарвіна ў нашай краіне маглі б пазмагацца тры міністэрствы: Міністэрства адукацыі, аховы здароўя і абароны. Прычым не вядома, хто б з іх перамог. Адныя ўсё не могуць вырашыць, як трэба атэстоўваць і вучыць дзяцей у перыяд пандэміі. Другія ўвогуле цікава падаюць статыстку захворванняў ці могуць увогуле яе не падаваць пару дзён. А трэція ва ўмовах пандэміі рыхтуюцца да параду.
Парад у пік пандэміі каронавірусу – гэта нават не правядзенне футбольных матчаў. У футболе, прынамсі, людзей меней удзельнічае. І нават калі парад вырашаць праводзіць без гледачоў, то ўсё роўна ў правядзенні параду задзейнічана болей чалавек, чым у футбольным матчы. Паводле Міністэрства абароны, у парадзе плануецца ўдзел больш, чым трох тысяч чалавек. То бок Міністэрства абароны Беларусі, відаць, не чула пра рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб пераносе ўсіх масавых мерапрыемстваў. А, можа і чула. Але, відаць, мяркуе, што ў беларускім войску служаць нейкія кібаргі і тэрмінатары, што ім каронавірус ніякі нястрашны. А цяпер толькі падумайце, калі з гэтых трох тысячаў удзельнікаў параду хоць адзін будзе інфікаваны. Але Міністэрства абароны гэта не хвалюе. Яны чамусьці перакананыя, што ўсе гэтыя тры тысячы чалавек абсалютна здаровыя. Ну-ну, Міністэрства аховы здароўя таксама нядаўна гаварыла, што ўсё пад кантролем: а маем ужо больш за 900 хворых штодня.