Пра тое, будзе парад ці не



Дык будзе парад на 9 траўня ці не? Вось у чым пытанне. У Менску зацвердзілі план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19. Сярод даўгога спісу ўсіх уведзеных мер ёсць пункт і наконт масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, правядзенне выставаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых масавых мерапрыемстваў адмененае. Пра тое, што адмяняюцца масавыя мерапрыемствы напісана ў навіне, размешчанай на сайце Менскага гарвыканкама. Але… вось тут самае цікавае. Калі мы паглядзім на сам план, зацверджаны рашэннем Менгарвыканкама, то там пазначана дакладна так: адмяніць правядзенне выставаў, прэзентацый, кірмашоў “і др”. І вось што менавіта хаваецца за гэтым “і др” – невядома. То бок выставы, прэзентацыі і кірмашы адмянілі. А вось парад – гэта вам не выстава, не прэзентацыі і не кірмаш. Гэта нават не “др.” Гэта цэлы майскі парад, да якога пачалі ўжо рыхтавацца. Там рота ганаровага каравула рэпетуе і г.д. Дарэчы, ці яны цяпер будуць рэпетаваць у масках ці без іх?

Пакуль што ад параду не збіраюцца адмаўляцца. Прынамсі, на сайце прэс-службы кіраўніка Беларусі пра гэта нічога не паведамляецца. І на сайце дзяржаўнай агенцыі БелаТА таксама ні слова пра гэта. А калі парад усё ж такі будзе, то арганізоўваць яго з традыцыйнымі шашлыкамі ці без? А як жа выставы з розных школ? Ці, можа быць, беларускія ўлады спадзяюцца, што да 9 траўня ўсё скончыцца?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ