Пра тое, чым запомніўся 2021-ы
Навіны ў 2021-м нагадвалі зводкі з баёў. Пасадзілі, арыштавалі, затрымалі, аштрафавалі. Такое адчуванне, што Беларусь хочуць пераўтварыць у краіну, у якой дазволенае толькі адзінае: працаваць на дабрабыт пэўных асобаў. Усё астатняе забаронена.
Запомніўся 2021 год чэмпіянатам свету па хакеі. Нават тым, хто хакеем не вельмі цікавіцца. А запомніўся перадусім двума скандаламі. Першы – яго не правялі ў Беларусі праз парушэнне правоў чалавека. Беларуская дзяржава на гэта адказала тым, што забараніла для продажу Беларусі прадукцыю Skoda і Nivea. Другі – зборная Беларусі прайграла практычна ўсім.
У 2021 годзе ў адвакатаў, якія абаранялі палітычных знвяволеных, сталі масава адбіраць ліцэнзіі. Аднак у калегіі адвакатаў на гэта заявілі, што ўсім адвакатам трэба крыўдаваць толькі на сябе.
У 2021 годзе беларусам так і не паказалі афіцыйна фільм “Купала”. Больш за тое, “Беларусфільм” звярнуўся ў youtube, пасля чаго з відэасервісу выдалілі кінастужку. І, падаецца, афіцыйнай прэм’еры ў бліжэйшы час не прадбачыцца, бо вельмі шмат непажаданых для цяперашніх ўладаў Беларусі там паказваецца момантаў і перадаецца ідэй.
А самае галоўнае, пад негалоснай забаронай аказаліся спалучэнне белага і чырвонага колераў. У 2021-м затрымлівалі за белыя і чырвоныя сняжынкі, за бела-чырвонага гнома ў вакне. Ды нават за скрыню ад тэлевізра, якая была ў крамольных колерах.
Таксама ў 2021 годзе спынілі вяшчанне канал RTVI і Euronews, якія вельмі акуратна падавалі навіны. Але, відаць, усё роўна не выклікалі даверу. Што ўжо казаць пра беларускую незалежную прэсу, якая ўся аказалася ў Беларусі пад забаронай. А многія журналісты апынуліся за кратамі. Як гаварыў міністр магіі ў “Гары Потэры”, “наступілі цёмныя часы”. Хаця ў канцы кнігі і фільма, Гары Потэр з паплечнікамі ўсё-такі перамагае.