Пра тое, што Беллегпраму вечна штосьці перашкаджае



Беллегпрам усё ніяк не можа пераканаць беларусаў купляць беларускую вопратку. Канцэрн ужо і джынсы парваныя абяцаў сшыць. Праўда, за некалькі год іх ніхто так і не ўбачыў. І спрабуе ўсяляк змагацца з сэкандамі, забараніўшы стокавую вопратку. І ўсё ніяк. Айчынная лёгкая прамысловасць усё ніяк не заваюе сэрцы беларускіх пакупнікоў. Не, каб былі патрыётамі і набывалі беларускую вопратку. Дык не: беларусаў цягне ў сэканды па мас-маркет. І цяпер Беллегпрам паскардзіўся ў мытню. Цяпер мытнікі разам з канцэрнам будуць займацца пошукам стокавага адзення, каб яно не патрапіла да беларускіх грамадзян. Мытнікам ім жа не было чым займацца. А цяпер яны будуць сартаваць: дзе стокавая вопратка, а дзе “на вагу” і сэкандавая. І няхай усё парушальнікі законаў пачакаюць: мытнікі Беларусі цяпер занятыя шмоткамі.

Аднак на мытні Беллегрпрам не спыніўся. Відаць, добрыя справы на канцэрне, раз яны вырашылі змагацца з сэкандам з усіх франтоў. Яны звярнуліся да мясцовых уладаў. Маўляў, няма чаго адкрываць сэканды ў цэнтрах гарадоў. На думку кіраўніцтва канцэрну, мясцовыя ўлады забіваюць беларускую лёгкую вытворчасць, дазваляючы адкрывацца масава сэкандам. Я вось думала, што прычына ў іншым. Ну, напрыклад, Dolce & Gabbana не скардзяцца ж, што сэканды забіваюць іх вытворчасць. А вось Беллегпраму чамусьці стокавая вопрака перашкаджае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ