Пра тое, што Бранск – гэта вам не Парыж



Грамадзянка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. – Так пракаментавала прэс-служба прэзідэнта РФ сустрэчу экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, за якую прагаласаваў беларускі народ, з кіраўніком Францыі. Ну, канешне, любы грамадзянін можа проста ўзяць і сустрэцца з прэзідэнтам Францыі. Такое адчуванне, што размова ідзе пра знаёмства праз інтэрнэт. Дарэчы, а калі апошні раз прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустракаўся з Макронам? Падаецца, за апошнія некалькі месяцаў была толькі тэлефонная размова ды відэасувязь. То бок з прэзідэнтам Расеі Пуціным толькі тэлефон і інтэрнэт, з нібыта прэзідэнтам Лукашэнкам – увогуле нічога, а са звычайнай грамадзянкай Беларусі Святланай Ціханоўскай цэлая размова оффлайн.

Затое прэзідэнт Беларусі Аляксадр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Бранскай вобласці. Губернатар Бранскай вобласці – гэта, канешне, узровень. Гэта вам не прэзідэнт высокаразвітай і касмічнай дзяржавы, эканоміка якой займае другое месца ў Еўразвязе. Іншая справа Бранская вобласць. Бранск – гэта вам не Парыж. Бранск уваходзіць у дзясятку дэпрэсіўных расейскіх гарадоў для вандровак. Таксама, паводле ўзроўню рэгіянальнай эканамічнай актыўнасці, Браншчына з’яўляецца праблемным рэгіёнам. Карацей, вельмі перспектыўная сустрэча нібыта прэзідэнта з губернатарам Бранскай вобласці. Хутка грамадзянка Беларусі Святлага Ціханоўская можа сустрэцца і з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель. У нібыта прэзідэнт Беларусі ў адказ што?  Сустрэнецца з якім-небудзь кіраўніком ЖЭСу?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ