Пра тое, што дзед Мазай ужо не той
Да супрацоўнікаў МНС беларусы ў прынцыпе ставяцца добра. Яны і пажары тушаць, і кацяня з дрэва здымуць, і з разбітым ртутным градуснікам дадуць рады. Аднак у планах уладаў зрабіць так, каб МНС стала “часткай сілавога блоку краіны”. То бок раней вобраз супрацоўніка МНС у свядомасці беларусаў – гэта чалавек, які з пажарным рукавом тушыць агонь, альбо дапамагае нейкай жывёле, як той дзед Мазай. І вось да сярэдзіны чэрвеня супрацоўнікам МНС збіраюцца выдаць табельную зброю. Так што цяпер на ранейшы вобраз давядзецца забыцца. То бок у свядомасці людзей вобраз пажарнага будзе не чалавек з пажарным кранам, а чалавек з табельнай зброяй. І дзеля чаго? Як заявіў міністр МНС Вадзім Сіняўскі, “першае – гэта ўнутраныя праблемы, звязаныя з масавымі беспарадкамі”. А таксама ў выпадку агрэсіі ў адносінах да краіны. Праўда, пакуль што агрэсія сыходзіла з боку Беларусі. Аднак міністра МНС гэта, відаць, мала хвалюе. Так жа, як і страчаны імідж МНС, якое ў разе патрэбы збіраецца станавіцца на бок органаў унутраных спраў. Самае цікавае, самі выратавальнікі не надта імкнуцца працаваць дзеля ўнутраных спраў з табельнай зброяй. У гэтым нават сам міністр вымушаны быў прызнацца. Хаця калі меркаванні народа кагосьці спынялі ў Сінявокай?
А ўвогуле, чаму раздаваць табельную зброю толькі выратавальнікам. Трэба іншыя прафесіі таксама далучаць да сілавга блоку краіны. Выдаць, напрыклад, настаўнікам, якія на выбарчых участках дзяжураць. Хаця па-шчырасці тая табельная зброя патрэбная выратавальнікам, як сабаку пятая нага.