Пра тое, што маразм мацнее



Чым далей у лес, тым болей дроваў. У адным з менскіх мікрараёнаў, Лябяжым, камунальнікі забралі ялінку, якую грамадзяне ўсталявалі на пляцоўцы паміж дамамі. А на жыхара Рэчыцы склалі пратакол за сцяжок ва ўласнай машыне. І падобныя выпадкі маразму па краіне не адзінкавыя. Хутка ўлады Беларусі пачнуць камандаваць у якіх нам майтках хадзіць і на якой бялізне спаць.

Прадпрымальнік з Рэчыцы Дзяніс Шылянок у сваім аўтамабілі-эвакуатары ездзіў з маленькім бел-чырвона-белым сцяжком, які размяшчаўся ў кабіне. Неяк машына без гаспадара стаяла на паркоўцы каля гіпермаркета. І вось мясцовы ўчастковы палічыў гэта адзіночным пікетам і склаў на прадпрымальніка пратакол за парушэнне артыкула 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. То бок сотні машын ездзяць з расейскімі сцяжкамі па краіне і на іх ніхто не складае пратакол за пікетаванне. А тут, калі ў аўто ёсць бчб, дык адразу парушэнне артыкула 23.34. А іконкі ў машынах можна. А налепкі ў кабіне? Ці гэта таксама будзе адзіночны пікет. Затое ўчастковы, відаць, атрымае прэмію. Гэта ж не розных асацыяльных элементаў лавіць, за гэта ніхто не пахваліць.

А вось ў менскім мікрараёне Лябяжы пастараліся камунальнікі. Таксама, відаць, прэмію атрымалі. Узялі і прыбралі ялінку, якую напяэдадні паставілі мясцовыя жыхары. Цікава, камунальнікі ходнікі пяском пасыпалі? Ці яны цяпер здольныя толькі на тое, каб стужкі зразаць ды ялінкі забіраць. Дарэчы, на якой падставе забралі ялінку? На гэта была санкцыя пракурора ці судовае рашэнне? Калі не, то гэта называецца не проста прыбраць ялінку. З такім жа поспехам яны хутка будуць проста прыбіраць чужыя машыны, чужыя веласіпеды, чужыя гаманцы ці чужыя кватэры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ