Пра тое, што правы важнейшыя за клюшку
Жыў сабе ў Швейцарыі хакейны функцыянер Рэнэ Фазэль. Жыў, кар’еру паспяхова рабіў. Як у Венецыі ў 1994 годзе на Генеральным Кангрэсе яго абралі кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе, так ён і быў яе нязменным прэзідэнтам. Падавалася, нішто не пагражала кар’еры Рэнэ Фазэля. Прэстыжныя спартовыя выданні ўносілі яго ў спіс самых уплывовых асобаў у спорце. Яго ўзнагароджвалі за ўнёсак і папулярызацыю хакея ў свеце. Як той казаў, нічога не прадракала бяды. Аднак здарыўся 2020-ы год у Беларусі. Дзе Беларусь, а дзе тая Швейцарыя. Аднак не пашанцавала Рэнэ Фазэлю: прыехаў ён у Беларусь. І не проста прыехаў, а яшчэ выступаў супраць пераносу чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі ў іншую краіну. І яшчэ і фотаздымкі розныя выкладаў з рознымі адыёзнымі асобамі. Не, каб спачатку падрыхтавацца: пачытаць пра краіну, куды збіраешся, пра яе жыхароў, а не толькі пра лядовыя палацы. Паразважаць, што часам правы чалавека важнейшыя за клюшку.
Пасля менскай камандзіроўкі 27-гадовая кар’ера Рэнэ Фазэля як кіраўніка Міжнароднай федэрацыі скончылася. Ён пакідае сваю пасаду. Больш за тое, ён прызнаў, што ўсе гэтыя менская абдымкі былі вялікай памылкай. Як гаварыў французскі палітычны дзеяч і пісьменнік 19-га стагоддзя Шарль Дэ Манталамбэр, “вы можаце не займацца палітыкай, усё роўна палітыка зоймецца вамі”.