Пра тое, што там вам не тут
Прэзідэнта не пусцілі на футбол. Страшна падумаць, што можа быць таму, хто гэта зрабіў. Але нічога не будзе. Бо не пусцілі на футбол прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару. А ўсё таму, што ў яго няма прывіўкі ад COVID-19.
Футбольны матч з балельшчыкамі ў бразільскім горадзе Сантас прайшоў упершыню з моманту пачатку каронавіруснай пандэміі. І ўваход быў дазволены толькі вакцынаваным балельшчыкам. Альбо тым, хто мае адмоўны пцр-тэст. Аднак у прэзідэнта Бразіліі не было ні першага, ні другога. А таму яго адмовіліся пускаць на гульню. Абсалютна фантастычная падзея для нашай краіны. Уяўляеце, там просяць у прэзідэнта паказаць сертыфікат аб праходжанні вакцынацыі! Самае цікавае, што Жаір Балсанару сам здзіўлены, што ў яго папрасілі сертыфікат. Сапраўды, якая прывіўка, калі футбол. Пра каронавірус і пандэмію нічога не чулі. Прэзідэнт Бразіліі, якога не пусцілі на футбольны матч праз адсутнасць вакцынацыі ад кавіду, раней называў каронавірус дробным грыпам. Праўда, чаму ад гэтага “дробнага грыпу” столькі людзей памірае, Балсанару не распавёў. Дарэчы, менавіта ён гаварыў пра тое, што вакцынацыя ад кавіду спатрэбіцца толькі ягонаму сабаку. Відаць, ягоны сабака і змог бы акурат схадзіць на футбольны матч.
Дарэчы, не паверыце, але Вярхоўны суд Бразіліі даў згоду, каб пачалі расследаванне дзеянняў бразільскага прэзідэнта ў сувязі з каронавіруснай пандэміяй. Можна прэзідэнту Бразіліі пажадаць, каб ён ехаў у Беларусь. Тут яго пусцяць на футбол і без прывіўкі. Праўда, беларускі футбол – гэта не бразільскі. Затое ў нас кавідных абмежаванняў практычна няма.