Пра толькі правераныя тв-каналы



У Беларусі не будзе вяшчаць канал RTVI. 27 чэрвеня заканчваецца дзеянне дазволу на ягоны распаўсюд, які выдаецца Міністэрствам інфармацыі. Да гэтага канал быў дасяжны праз кабельнае тэлебачанне. RTVI – гэта не Белсат, беларускамоўнага кантэнту там не было. Аднак менавіта дзякуючы яму, калі не было інтэрнэту зусім у жніўні 2020-га, можна было даведацца, што адбываецца ў краіне. Міністэрства інфарацыі не выдала новы дазвол з фармулёўкай: неадпаведнасць рэчаіснасці сведчанняў, пададзеных аператарам электрасувязі. Сам канал сцвярджае, што вяшчанне не працягнулі па тэхнічных прычынах і спадзяецца вярнуцца. Ну, верыць, канешне, можна. Толькі штосьці падказвае, што канал заменяць на нейкі правераны. Як гэта яшчэ было з Euronews, які спыніў вяшчанне ў красавіку.

Дарэчы, канал Euronews досыць асцярожна падаваў навіны пра акцыі пратэсту ў Беларусі. Аднак нават ён ўладаў не задаволіў. Яго замянілі правераным каналам “Победа”. Так што, па тэлевізары ідуць толькі правераныя каналы. А ўсё, што выклікае падазрэнні, цяпер закрываюць, не працягваюць дазвол ці прызнаюць экстрэмісцкім. Цяпер пра ўлады можна гаварыць і пісаць толькі тое, што яны белыя і пухнатыя. Інакш – самі ведаеце што будзе. Карацей, яшчэ трошкі, і ў Беларусі па тэлебачанні будуць паказваць, як у Паўночнай Карэі: правераныя навіны і канцэрты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ