Пра “троля” Пуціна



Шаман Аляксандр Габышаў – гэта не толькі “троль” Пуціна, гэта яшчэ і надзея беларусаў. Як той казаў, вораг нашага ворага – наш сябар.

Троль – гэта шаман Аляксандр Габышаў, які яшчэ ў сакавіку распачаў свой шлях з Якуціі ў Маскву, каб выгнаць адтуль дэмана Пуціна. Спачатку, канешне, такую заяву ніхто не ўспрыняў усур’ёз. Ці мала розных шаманаў у Расеі? Аднак прайшла вясна, потым лета. І калі Габышаў не адмовіўся ад сваёй задумы і ўвосень, супрацоўнікі ФСБ затрымалі таго на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласці. Па старой завядзёнцы нашчадкаў камітэта дзяржбяспекі шамана як апазіцыянера завезлі ў псіхушку. Паралельна на яго завялі крымінальную справу за заклікі да экстрэмізму і ўзялі падпіску аб нявыездзе. Аднак у кастрычніку з шамана знялі падпіску аб нявыездзе. І вось наступіла зіма. І шаман зноў працягнуў свой шлях на Маскву. І ўсё з той жа мэтай: выганяць дэмана Пуціна. Так Уладзіміра Уладзіміравіча яшчэ ніхто не троліў. Гэта вам не пра карупцыю разважаць. Карупцыяй ва ўладзе расейскае грамадства не здзівіш. А вось дэман – гэта штосьці новенькае, а самае галоўнае блізкае да цяперашняга расейскага электарату.

Шаман плануе выгнаць дэмана з Масквы ў 2021 годзе. Што праўда, Аляксандра Габышава зноў затрымалі. Прычым гэтым разам яму не далі ісці некалькі месяцаў, а затрымалі праз два дні пасля таго, як той распачаў свой шлях. Ну, а беларусам даводзіцца спадзявацца, што пакуль дэмана будуць выганяць з Крамля, гэтаму самаму дэману будзе ўжо не да Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ