Пра цудаматацыкл



Збылася мара некаторых беларусаў. Матацыкл, які ездзіць не на бензіне ці дызелі, а на спірце. Уласнік лікёра-гарэлачнага заводу са штата Мантана Раян Мангомеры мадыфікаваў матацыкл. І цяпер ягоны двухколавы сябар ездзіць на спірце. Мангомеры, як аказалася, — вельмі прагматычны чалавек. І выбар спірту ў якасці паліва не быў выпадковым. Проста тэхналогія лікёрагарэлачнай вытворчасці ўлучае абавязковую дыстыляцыю. Падчас гэтага працэсу выдзяляецца спірт, які не падыходзіць для ўжывання. Вось на гэтым этаноле і ездзіць матацыкл.

Эх, для Беларусі, якая лідзіруе па колькасці ўжывальння алкаголю на чалавека, такі матацыкл – проста казка. Можна было б двух зайцаў адным стрэлам забіць, як той казаў. Было б вырашанае пытанне, што рабіць са спіртам пасля дыстыляцыі. А таксама атрымаць сацыяльны бонус: маўляў, насельніцтва п’е не дзеля таго, каб напіцца, а каб паліва для транспарту было.

Я б на месцы кіраўніцтва беларускіх вінагарэлачных заводаў бы задумалася, каб мадыфікаваць матацыкл, які б ездзіў увогуле на танных вінных напоях. Наліў зранку ў паліўны бак бутэлечку пладова-ягаднага “Вясковае залацістае” – і паехаў на лецішча ўраджай збіраць. Альбо ўвечары заліў у паліўны бак бутэльку пад назвай “Ягадны флірт” – і паехаў на сустрэчу з каханнем свайго жыцця. Хаця пакідаць такі матацыкл на вуліцах было б страшнавата. Адышоў на паўгадзінкі кавы папіць, вяртаешся – а ў матацыкле ўжо паліва няма: спірт злілі мясцовыя аматары танных вінных напояў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ