Пра цырк шапіто



Клоўны з’ехалі, цырк застаўся. Навіны кожны дзень становяцца такімі, што адчуваеш сябе ў нейкай палаце №6. Кожны раз падаецца, што ўсё, ніжэй плінтуса ўжо быць не можа. Аказваецца, можа.

Саміведаецехто заявіў, што ў Беларусі самы незалежны суд. Пасля гэтага рассмяяцца маглі б тысячы беларусаў, якіх асудзілі на суткі ў РАУСах за пяць хвілін. Карацей, не смяяцца, як гаварыў саміведаецехто, пасля гэтай навіны немагчыма.

Напярэдадні 1 верасня Мінкульт звольніў рэктара Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтва. Хаця пасля звальнення дырэктара НРПНЦ “Кардыялогія”, акадэміка, чалавека, які выратаваў многія жыцці, ужо нічога не павінна здзіўляць.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч не ў курсе, ці заведзеная хоць адна крымінальная справа па факце катаванняў затрыманых мірных дэманстрантаў. Затое памятае, што каля пяцідзесяці спраў узбуджана па факце пагроз на адрас прадстаўнікоў сілавых структур. Во, аказваецца, якія ў нас ранімыя міліцыянты. Цікава, прытомнасць не губляюць падчас аповедаў пра прывідаў.

Ну, і вішанька на торце – гэта тое, што не ўпусцілі кіраўніка каталіцкага касцёла ў Беларусі, грамадзяніна Беларусі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. І самае цікавае, памежны камітэт нічога не каментуе. Хаця, што тут пракаментуеш? Няважна, чый ён кіраўнік, важна тое, што ў Беларусь не пусцілі грамадзяніна Беларусі. Як такое ўвогуле можа быць?

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ