Пра ваенрукоў
Яны ўсё-такі будуць. Вось мы не верылі, а іх увялі. З 1 верасня ў беларускіх школах усё-такі з’явяцца ваенрукі. Паводле папярэдняй інфармацыі, якую раней агучваў міністр адукацыі Карпенка, плануецца каля дзвюх тысяч ставак. У Беларусі дзейнічае каля трох тысяч школ. То бок радуе той факт, што не ўсе школы будуць з ваенрукамі. Вось пашанцуе тым дзецям, куды ваенрукі не даедуць. У тых жа школах, дзе ваенрукі з’явяцца, плануюцца заняткі ў межах “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, якія будуць адбывацца раз на тыдзень. Заняткі будуць праводзіцца ў 10 і 11 класах. То бок замест таго, каб дзецям даць рыхтавацца да паступлення, іх будуць вучыць быць патрыётамі. Прычым патрыётамі ў разуменні ваенрукоў. Як адзначыла дэпутат Лілія Кір’як, заняткі будуць садзейнічаць усведамленню пачуцця абавязкаў перад сваёй краінай. Вось цікава пра якія абавязкі і які патрыятызм будуць гаварыць ваенрукі, якія нават і па-беларуску размаўляць не ўмеюць.
А ўвогуле ў сучасным свеце прадмет кшталту “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” – вельмі актуальны. У Беларусі сітуацыя ў адукацыі проста жахлівая, затое ў падлеткаў будуць спрабаваць фармаваць патрыятычную свядомасць і маральна-псіхалагічныя якасці для абароны айчыны. Лепей бы дадатковыя заняткі па англійскай і беларускай мовах дадалі, бо многія маладыя людзі не могуць размаўляць ні на роднай, ні на англійскай. Затое даведаюцца, дзе шукаць бомбасховішчы.