Пра ваенрукоў у школах
Вось вы думалі, што новага з’явіцца з 1 верасня ў школах? Думаеце інтэрактыўныя дошкі, актыўныя настаўнікі, цікавыя падручнікі. У рэшце рэшт, свабода для вучняў і настаўнікаў, каб беларуская школа стала падобнай да нармальнай сучаснай школы? Не, з 1 верасня ў беларускіх школах з’явяцца ваенрукі. Як паведаміў міністр адукацыі Карпенка, плануецца каля дзвюх тысяч ставак. Паводле Белстата, у Беларусі дзейнічае каля трох тысяч школ. То бок радуе, што не ўсе школы будуць з ваенрукамі. Вось пашанцуе тым дзецям, куды ваенрукі не даедуць.
Міністр абароны Віктар Хрэнін лічыць, што ваенрукі ў школах змогуць зрабіць так, каб школьнікі ўсвядомілі свой абавязак перад Айчынай і не думалі, служба ў войску – страта часу. Дзіўна, вось я думала, што войска мусіць іншым чынам даказваць сваю прываблівасць: адсутнасцю дзедаўшчыны, наяўнасцю беларускіх традыцый, добрым стаўленнем да афіцэраў і салдатаў… А пакуль войска ў Беларусі беларускім з’яўляецца толькі ўмоўна. Пакуль форма на салдатах вісіць, як мяхі для бульбы, а дзедаўшчына з’яўляецца нормай, то і ваенрукі не дапамогуць. Хутчэй наадварот.
А ўвогуле ў сучасным свеце прадмет кшталту “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” – вельмі актуальны. У Беларусі сітуацыя ў адукацыі проста жахлівая, затое ў падлеткаў будуць спрабаваць фармаваць патрыятычную свядомасць і маральна-псіхалагічныя якасці для абароны айчыны. Лепей бы дадатковыя заняткі па англійскай і беларускай мовах дадалі, бо многія маладыя людзі не могуць размаўляць ні на роднай, ні на англійскай. Затое даведаюцца, дзе шукаць бомбасховішчы.