Пра вечна жывых



Хутка 9 траўня. А гэта азначае, што ўлады зноў узгадаюць пра ветэранаў. І хоць тых ветэранаў практычна не засталося, але ў мэтах прапаганды яны мусяць быць вечна жывымі.

Пра тое, што ветэраны сыходзяць з жыцця, гаворыцца ўжо ў савецкіх фільмах. Ужо ў стужцы 1970-га года “Беларускі вакзал” героі фільма – франтавыя сябры – сустракаюцца на пахаванні свайго аднапалчаніна. Цяпер на дварэ 2019-год. Вайна скончылася 74 гады таму. То бок, цяпер прыкладна 92 гады самым маладым удзельнікам вайны, якіх прызвалі ў 1945 і якім на той момант было па 18 год. А калі гаварыць пра тых, каму на момант пачатку вайны было па 20-25 год, то гэтым людзям мусіць быць 100, а тое і болей гадоў. А цяпер падумайце, ці шмат у Беларусі людзей, якія адзначылі свае сто год. Амаль 450 чалавек. Аднак не факт, што гэтыя 450 чалавек усе ваявалі. Чаму я гэта ўсё падлічваю? Проста ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Менгарвыканкама паведамілі, што ажно 200 арганізацыяў прапануюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны скарыстацца паслугамі побытавага характару па ільготнай цане. Напрыклад, каля 60 цырульняў прапаноўваюць 50% зніжкі на стрыжкі для ветэранаў з нагоды свята. Вось вы ўяўляеце, як які-небудзь 100-гадовы ветэран ідзе ў цырульню, каб зрабіць сабе модную стрыжку ў стылі боб? Альбо пойдуць рамантаваць ювелірныя вырабы са зніжкай у 30%, як тое прапануюць некаторыя майстэрні. Альбо пабягуць здаваць са зніжкай рэчы ў хімчыстку ці панясуць абутак у рамонт. Нешта падказвае, што ў 100 год не да новых стрыжак. Затое пакажуць па тэлевізары, як у нашай краіне клапоцяцца пра ветэранаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ