Пра вельмі патрыятычных людзей



Калі б французскі філосаф-асветнік Дэні Дзідро з’явіўся ў нашыя часы ў Беларусі, то ён бы абавязкова напісаў бы працяг свайго рамана “Манашка”. Толькі прататыпам там бы былі зусім іншыя людзі. У 1780 годзе Дэні Дзідро напісаў свой знакаміты раман “Манашка”. Гераіня твора Сюзана, якую ў манастыр змясцілі гвалтоўна, распавядае пра амаральныя парадкі, якія пануюць у манастырах таго часу. Сам Дзідро адзначаў, што ягоны твор – гэта жахлівая сатыра супраць манастыроў. І вось, праз 242 гады, як бы здзівіўся французскі філосаф, калі б пабачыў беларускіх манашак на шэсці 9 мая. І не проста шэсці, а з абразамі і з георгіеўскімі стужкамі. Прычым не стужачкамі, а менавіта стужкамі. Ды такімі, што на палову пляча. Не манашкі, а нейкія актывісткі дзяржаўных арганізацый. Калі б не чорная вопратка, дык і з чыноўніцамі можна было б зблытаць. Паглядзіш на беларускіх манашак і ўзгадваюцца пытанні гераіні Сюзанны з рамана Дзідро “Манашка”: “Дзе пануюць рабства і дэспатызм?”

Хаця беларускія манашкі – гэта яшчэ вельмі мякка ў параўнанні таго, што адбывалася ў Расіі. Там бацькі рабілі нешта вельмі патрыятычнае з дзіцячымі вазкамі ў стылі мілітары. Танкі, напрыклад. А адна сям’я прыйшла з калыскай, на якой была напісаная лічба 200. Не ведаю, можа, ім ніхто не сказаў, што на вайне азначае “груз 200”, але саджаць у вазок з такім надпісам дзяцей – вельмі дзіўна. Карацей, “Пахвала Дурасці”, як пісаў нідэрландскі мысляр-гуманіст Эразм Ратэрдамскі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ