Пра венскі кіч
Мода на балі дакацілася да Беларусі. Такое адчуванне, што вакол адныя нашчадкі ці сваякі Віндзарскай дынастыі, а не беларускія чыноўнікі. Забытыя камсамол і піянерыя, на Венскім балі ўсе вакол дамы ў сукенках пяшчотных колераў да падлогі і кавалеры ў фраках ды смокінгах. Сапраўды, піянерскія гальштукі ды чырвоныя сцягі тут будуць недарэчы. Яшчэ летась цяперашняя старшынька Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзгадвала на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі з нагоды 100-годдзя камсамолу, як ёй падабалася быць камсамолкай. А сёлета вунь танцуе з маладзёнам на Венскім балі. Яшчэ троху – і будзе, як Елізавета ІІ, прысвячаць у рыцары розных БРСМаўцаў.
Наталля Качанава з маладзёнам, а міністры – з маладзіцамі. Гэта, відаць, новаўвядзенне беларускіх чыноўнікаў у праграму Венскага балю. Як вядома, каб называцца «венскім», баль мусіць адпавядаць пэўным патрабаванням ЮНЭСКА. А менавіта адкрываць мерапремства мусяць дэбютанты ад 18 да 26 год, якія танчаць паланэз, польку і вальс, пасля чаго баль пачынаецца і для іншых удзельнікаў. На Венскім балі ў Менску акрамя танца дэбютантаў увялі і яшчэ адну дэталь: састарэлыя чыноўнікі танчаць з маладымі. Забытыя жонкі ды гаспадары. Яны Венскі баль могуць і дома па камп’ютары паглядзець. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр культуры Юры Бондар – ва ўсіх партнёры – асобы, якія маладзейшыя іх у разы. Цудоўны прыклад для маладога пакалення ў краіне, якая займае другое месца ў свеце па колькасці разводаў.