Пра вялікіх арыгіналаў



Пандэміяй каронавірусу ахоплена больш за 150 краінаў свету. Аднак ёсць кіраўнікі краінаў, якія ўпарта працягваюць верыць, што COVID-19 – гэта звычайная прастуда. І Беларусь, дзе прапаноўвалася лячыць вірус трактарам і гарэлкай, у гэтым далёка не наперадзе ўсяго свету.

Ты, ды я, ды мы з табой. Толькі дзве краіны ў свеце дазволілі сабе правядзенне чэмпіянатаў па футболе падчас пандэміі каронавірусу. Гэта Беларусь і Нікарагуа. Дарэчы, і ў індэксах дэмакратыі гэтыя дзве краіны знаходзяцца побач: паводле 2019 года, Беларусь стаіць на 150 месцы, а Нікарагуа – на 127 месцы. Дарэчы, Нікарагуа адзначылася яшчэ тым, што там прайшоў мітынг супраць каронавірусу. Вельмі арыгінальна. Ва ўсім свеце наадварот заклікаюць адмовіцца ад масавых мерапрыемсваў, уводзяць жорсткія каранціны з забаронай выходзіць на вуліцы. Але не ў Нікарагуа. Жонка тамтэйшага прэзідэнта Расарыё Мурылья арганізавала па ўсёй краіне масавыя акцыі “Любоў падчас COVID-19”. Такім чынам урад хацеў падтрымаць усіх, хто пацярпеў ад вірусу. І, відаць, паралельна яшчэ распаўсюдзіў вірус па сваіх грамадзянах.

Яшчэ адзін кіраўнік, які адмаўляе каронавірус, – гэта прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. Ён заяўляў, што каронавірус – гэта “маленькі грып”. І ўвогуле, як заявіў Балсанару, “людзі паміраюць, на жаль, але ад панікі памрэ болей”.

І вішанька на торце – Туркменістан. Там доўга не думалі, як праводзіць каранцінныя меры: узялі і проста забаранілі слова “каронавірус”. Няма слова – няма і вірусу. І чаго гэта ўсе краіны свету ламаюць галову над вакцынай. У Туркменістане яе ўжо вынайшлі: забарона на выкарыстанне слова “каронавірус”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ