Пра “Вясёлы каравяк”
У свеце ёсць некалькі дзясяткаў вядомых фестываляў. Сярод якіх — карнавал у Рыя-дэ-Жанейра, калі ў Бразілію з’язджаецца больш за паўмільёна наведнікаў. Гэта вясёлы і яркі фестываль з танцорамі самба, маскрадамі і парадамі. Ён праводзіцца напярэдадні велікоднага паста, каб даць людзям павесяліцца напярэдадні доўгіх дзён устрымання. Ці, напрыклад, свята Тамаціна ў Гішпаніі. Вясёлае свята, падчас якога ўдзельнікі кідаюцца адно ў аднаго пераспелымі памідорамі. Ці, напрыклад, Актобарфэст у Нямеччыне — вядомы фестываль піва, які цягнецца ажно 16 дзён. І ў гэтыя дні галоўным становіцца піва, музыка і касцюмаваныя шэсці. Яшчэ можна ўзгадаць фестываль святла ў Японіі, дзень памерлых у Мексіцы, фестываль сонца ў Перу, свята ліхтароў у Кітаі, фестываль вікінгаў у Шатландыі. Усе гэта сусветна вядомыя святы, на якія імкнуцца прыехаць турысты з многіх краін. Бо гэта ярка, весела і прыгожа. І тут сустракаеш інфармацыю пра фестываль у расейскім Пярмі, які выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. Фэст пад назвай “Вясёлы каравяк” азначае, што ў гэты дзень у расейскім горадзе адбываюцца спаборніцтвы па кіданні сухімі каровінымі ляпёшкамі. Ну, добра, што хоць сухімі, а не свежымі. І на тым, як кажуць, дзякуй.
“Вясёлы каравяк” у Пярмі — гэта вам не Рыя-дэ-Жанейра. Тут самба дзяўчаты ў купальніках пад завадную мелодыю не таньчаць. Страшна падумаць, які можа быць мерч фестываля, дзе кідаюцца сухімі каровінымі ляпёшкамі. Спадзяюся, яны не будуць развіваць свята, бо жывёлаў у прыродзе шмат і прадуктаў іхняй жыццядзейнасці таксама.