Пра выбары, якія зусім не выбары
У Туркменістане прызначаныя пазачарговыя выбары прэзідэнта. Праўда, пагаворваюць пра тое, што будзе ўсё-такі пераемнік, а не прэзідэнт. І стане ім, увага, сын цяперашняга кіраўніка Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. І гэта зусім не дзіўна для гэтай краіны. Некалькі рысаў да партрэта цяперашняга кіраўніка Туркменістана. Ва ўласнай краіне яго называюць “лідар нацыі” і “апякун”. Ягоныя партрэты вісяць паўсюль. У Туркменістане ёсць палітвязні, але колькі дакладна іх, сказаць цяжка. Незалежныя СМІ пішуць, што іх каля 100. І палітвязні падчас пандэміі былі пазбаўленыя сустрэчаў са сваякамі, перадач і перапіскі.
Палітэмігрантаў прымушаюць маўчаць праз ціск на сваякоў. У краіне няма міжнародных праваабарончых арганізацый. Усе СМІ кантралююцца дзяржавай. А грамадзяне, якія дзеляцца інфармацыяй з замежнымі СМІ, жорстка пераследуюцца. Такое адчуванне, што размова нават не пра Туркменістан вядзецца.
А яшчэ гавораць, што ў Туркменістане абавязалі ўсіх мужчын, якія старэйшыя за 40 год, прыходзіць на працу з сівымі валасамі, як Бердымухамедаў. Студэнтам загадалі насіць з сабой адну з 60 кніг Бердымухамедава, а жанчын браць прыклад з маці Бердымухамедава і забаранілі чыноўніцам фарбаваць пазногці. А яшчэ ў краіне ўсе колеры машын, акрамя белых, – па-за законам. І больш за тое, чорныя дэталі ў машынах таксама загадалі перафарбаваць у белы.
І вось Бердымухамедаў абвяшчае пазачарговыявыбары, хоць яны мусілі адбыцца толькі ў 2024 годзе. І штосьці падказвае, што пераемнікам сапраўды стане ягоны сын. У такіх краінах прэзідэнты дэмакратычныя выбары не праводзяць.