Пра японскі сцяг



Падаецца, куды ўжо болей. Але не. Чым далей, тым горш. Маразм мацнее і мацнее. Вось падаецца нерэальным, а глядзіш і сапраўды яшчэ забароняць чырвоны і белы колеры, прычым на заканадаўчым узроўні. Бо нянавісць да гэтых колераў з боку ўладаў проста зашкальвае. Напрыклад, у жыхара Дзяржынска міліцыянты канфіскавалі сцяг Японіі, які вісеў перад прыватным домам. Можа быць, чыноўнікі, якія далі загад забраць сцяг, у школе кепска вучыліся. Ну. Не ведаюць яны ўсіх сцягоў. Японія далёка. Вось і не ведаюць, што чырвоны круг на белым палотнішчы – гэта сцяг Японіі. Можа, чыноўнікі ды начальства міліцыі падумалі, што гэта такі мадыфікаваны беларускі сцяг. Як той казаў, лепей перастрахавацца.

А вось японцам цяпер не пазайздросціш. Яны ж не ведаюць, што бела-чырвоны сцяг ва ўладаў Беларусі цяпер пад негалоснай забаронай. Вось так прыедуць на якія спаборніцтвы заўзець за сваіх, а іхні сцяг міліцыя прыме за забароненую сімволіку. І даведзецца ім потым у беларускіх судах даказваць, што гэта сцяг Японіі. А што такое беларускія суды, вы самі ведаеце. Там знойдзецца з дзясятак івановых у масках, якія скажуць, што перакананыя, што чырвоны круг на белым палотнішчы – гэта забароненая сімволіка. У гэтым плане добра, што ў Беларусі не праводзяць чэмпіянат па хакеі. А тое са стаўленнем міліцыі да ўсяго белага і чырвонага шмат якім бы краінам не пашанцавала. Уладам не дакажаш, чый сцяг перад імі. Для іх цяпер усё белае і чырвонае, відаць, – забароненае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ