Пра яшчэ аднаго вечна жывога



Калі вы жывяце ў Туркменістане, то нікому не гаварыце, што Бердымухамедаў магчыма памёр ці ў яго праблемы са здароўем. За падобныя размовы ў гэтай краіне цяпер затрымліваюць. Вы жывяце не ў Туркменістане і не ведаеце, хто такі Бердымухамедаў? Усё роўна не гаварыце пра тое, што ён можа быць ужо нежывы. Ну, так. На ўсялякі выпадак.

У Туркменістане пачалі затрымліваць тых, хто распаўсюджвае чуткі, што дыктатар Гурбангулы Бердымухамедаў памёр. Нагадаю, вось ужо які дзень у медыйнай прасторы не паказваюць жывога кіраўніка Туркменістана. З’яўляюцца толькі звесткі пра тое, што Бердымухамедаў патэлефанаваў таму, альбо прэзідэнт зрабіў тое. Аднак жывога Гурбангулы даўно не бачылі. А раз не бачылі, то, зразумела, і пачалі думаць, што ён ужо ў лепшым свеце. І ўлады Турменістана замест таго, каб паказаць Бердымухамедава жывым, вырашылі змагацца з чуткамі больш звыклым чынам. А менавіта затрымліваць тых, хто сумняецца ў тым, што кіраўнік Туркменістана жывы. Журналісты падаюць звесткі, што затрымалі трох чалавек, якіх і абвінавацілі ў распаўсюдзе чутак пра смерць Гурбангулы. Сярод іх — супрацоўнік Лебапскага аддзялення “Туркментэлекам”, супрацоўнік воднай гаспадаркі і работніца мясцовай ЖКГ. Работнік воднай гаспадаркі, відаць, па вадзе інфармацыю перадаваў. Закіне ў бутэльку цэдулку “Бердымухамедаў памёр”, закаркуе – і пускае яе па вадзе, каб знайшла сваіх адрасатаў. А супрацоўніца ЖКГ, напэўна, увогуле праз каналізацыю інфармацыю паведамляла.  А калі шчыра, то ненармальна, што людзей затрымліваюць за нейкі распаўсюд нейкіх чутак. Ну, памёр і што? Усе мы смяротныя. Як той казаў, смерці не заперці, калі трэба памерці. Аднак ва ўмовах дыктатуры ты толькі падумаў, што кіраўнік прыхварэў – а цябе ўжо запісалі ў ворагі народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ