Пра забаронены 1984-ы
“Вайна ёсць мір, свабода ёсць рабства, няведанне ёсць сіла”, — цяпер гэтыя словы ў Беларусі пад забаронай. Як сталася вядома журналістам, з’явілася распараджэнне зняць з продажу ўсе варыянты кніг Оруэла “1984”. І гэта не анекдот. Гэта ў 21 стагоддзі ў Беларусі твор стаў рэальнасцю. Вялікі брат сочыць за табой, а вайна ёсць – спецаперацыя. Паралелі, можна сказаць, напрошваюцца самі па сабе.
Раман-антыўтопія “1984” Оруэла некалькі разоў станавіўся ў Беларусі найпапулярнейшай кнігай. Аднак хтосьці ў Беларусі вельмі спалохаўся расповеду брытанскага пісьменніка пра вайну, уладу і прапаганду. Хаця чаго мы здзіўляемся, што забаранілі твор Оруэла. Памятаеце, у Беларусі затрымлівалі пенсіянерак за чытанне кніг у электрычцы. Усе выдавецтвы, якія друкавалі кнігі на беларускай мове, цяпер закрытыя. Выдавец Янушкевіч увогуле затрыманы, а ягоная кнігарня праіснавала ўсяго адзін дзень. У Беларусі цяпер любы прапагандыст ці сілавік, што хоча, тое і забараняе. Штосьці падказвае, што на забароне антыўтопіі “1984” яны не спыняцца. Якія яшчэ кнігі не спадабаюцца ўладам? “481 градус па Фарынгейце”? Ці твор Олдаса Хакслі “О дзіўны новы свет” падпадзе пад забарону? А лепей адразу вызначыць, якія кнігі і якіх аўтараў можна чытаць. Ну, каб ужо дакладна нічога не прапусціць.