Пра забароненыя колеры
У мяне для вас ёсць таямніца, толькі не гаварыце ўладам Беларусі. У Казіміра Малевіча ёсць карціна “Чырвоны квадрат”, якая ўяўляе сабой чырвоны чатырохвугольнік на белым фоне. Калі ўлады Беларусі даведаюцца пра такую карціну, то забароняць усю творчасць Малевіча, а самога мастака аштрафуюць ці арыштуюць. Падумаеш, мастак памёр у 1935 годзе. Улады Беларусі цяпер усяго так баяцца, што гатовыя пакараць нават нябожчыка і забараніць усё, што мае чырвоныя і белыя колеры.
У Гародні з выставы знялі карціны мастачкі Надзі Букі за тое, што там былі белы і чырвоны колеры. Экспазіцыя з пяцідзесяці шасці палотнаў адкрылася ў адным з гандлёвых цэнтраў. Аднак праз некалькі дзён пасля адкрыцця некаторыя карціны знялі. Палотны маюць спалучэнні чырвонага і белага колераў, але напісаныя яшчэ да пратэстаў 2020 года. Знялі, напрыклад, палатно “Рай”, дзе на бярозе расце чырвоны яблык. Ці “Мая вера”, дзе ад Хрыста адыходзяць белыя і чырвоныя прамяні. Сапраўды, вельмі небяспечныя работы. І ўвогуле, даўно час забараніць чырвоны колер зусім. Прыбраць яго з фарбаў, з каляровай паперы, з цацак. І нават ручнікі беларускія забараніць, бо яны таксама з чырвонымі і белымі колерамі. Вось тады ўлады Беларусі змогуць спаць спакойна. Ну, а што: Рэй Брэдберы напісаў антыўтопію, дзе паказаў грамадства, у якім кнігі былі пад забаронай. А ў нас цяпер рэальнасць, калі спалучэнне белага і чырвонага колераў пад забаронай.