Пра забароненыя песні



У адным з гарадзенскіх клубаў забаранілі выконваць песню “Перамен” Віктара Цоя. Прычына – палітычная абстаноўка. Віктар Робертавіч, які памёр 30 гадоў таму, і не здагадваўся пры жыцці, што ягоная песня будзе выклікаць такія эмоцыі ва ўладаў Беларусі ў 21 стагоддзі. Тым болей, ён не думаў, што ягоную песню будуць забараняць. Тым болей, сам музыка не думаў пра нейкія рэформы пры стварэнні песні. Проста кампазіцыя з’явілася ў гады перабудовы і таму ўспрынялася з палітычным падтэкстам. Аднак беларускія ўлады працягваюць забараняць і пераследаваць да выкананне песні “Перамен” Віктара Цоя. Дарэчы, чаго спыняцца на дасягнутым. У альбоме “Апошні герой”, куды ўвайшла песня, ёсць і іншыя кампазіцыі. Трэба забараніць увогуле ўвесь альбом. А лепей увогуле ўсяго Цоя. Як у свой час у Савецкім Саюзе заюаранялі рок-н-рол, паколькі лічылі яго часткай плану амерыканкаў, каб замарочыць галаву савецкай моладзі. Вось так і з Цоем. Гэта дакладна чыйсці план. Вось і сам альбом з песняй “Перамен” з’явіўяся ў Францыі. Так што тут штосьці не так. Лепей забараніць усё. Ну, а раптам што!

Дарэчы, у гарадзенскім клубе забаранілі выконваць не толькі песню Цоя “Перамен”, але і іншыя песні на погляд адміністратара. Дзіўная гэтая рэч: погляд адміністратара. Бедным адмінам цяпер давядзецца разбірацца, якія цяпер песні дазволеныя, а якія не. Адказнасць проста каласальная. Адзін няверны крок – і звольнены. Хоць ты толькі сясцёр Груздзевых і пакідай у рэпертуары. Тыя дакладна дазволеныя, калі іх нават на інаугурацыю звалі. Засталося толькі даведацца, што яны спяваюць. Карацей, нялёгкая гэта справа ў караоке-клубах цяпер працаваць. Ніколі не ведаеш, якія песні заўтра ў Беларусі будуць пад забаронай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ