Пра забарону на ўсё



У Ваўкавыску затрымалі ўдзельнікаў курсаў па вывучэнні беларускай мовы “Мова Нанова”. Не, там не было ні бчб-сцягоў, ні герба “Пагоня”. Але ўсё роўна затрымалі. Дзеля гэтага цэлы аўтобус падагналі, каб адвезці ўсіх у РАУС. Нібыта паступіў сігнал. Што за сігнал? Ад каго? Невядома. Але спрацавалі хутка. Часам міліцыю трэба некалькі гадзін чакаць: напрыклад, калі кватэру абакралі, то нарад міліцыі ехаць можа доўга. А тут – узялі і хуценька прыехалі. Ды яшчэ і цэлы аўтобус падагналі. Канешне, гэта ж вялікая небяспека, калі хтосьці дазнаецца пра аканне і яканне.

Удзельнікаў беларускамоўных курсаў затрымалі, даставілі ў РАУС, узялі адбіткі пальцаў. А таксама ўсіх папярэдзілі пра адказнасць за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. І вось што гэта было? Вывучэнне беларускай мовы – гэта масавае мерапрыемства? Ці проста ўдзельнікаў курсаў дзеля прафілактыкі папярэдзілі? А ў наступны раз каго будуць? Удзельнікаў курсаў па вывучэнні англійскай мовы? Ці студэнтаў курсаў па праграмаванні? О, іх шмат у чым можна папярэдзіць. А тое навучацца розным граматам, а потым заклікаюць да санкцыяў ды ходзяць па розных акцыях  пратэсу. А ўвогуле, калі так далей пойдзе, то будуць затрымліваць за размовы на беларускай мове. Сказаў “калі ласка” – паўдзельнічаў у пікеце. Сказаў “прывітанне” – паўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ