Пра забарону на ўсё



У Беларусі даўно нельга нічога рабіць. Пляскаць у далоні без дазволу. Ставіць лайкі без дазволу. Маліцца за мір без дазволу. А цяпер, аказваецца, нельга і стаяць без дазволу. Як паведамляюць СМІ, у Мазыры затрымалі трох жанчын і трох мужчын. І ведаеце за што? А ні за што. Яны проста стаялі на плошчы ў цэнтры горада і нічога не рабілі. І гэта палічылі правапарушэннем. Абвінавачваненне гучыць шэдэўральна. Нібыта згаданыя мужчыны і жанчыны “ў прысутнасці іншых мінакоў доўгі час знаходзіліся ў адным месцы без руху, чым публічна дэманстравалі сваё масавае скопішча”. Затрыманых пакаралі штрыфамі ад 480 да 2240 рублёў. Карацей, цяпер, калі вы чакаеце транспарт, то не стойце на месцы. Абавязкова нешта рабіце, інакш вас абвінавацяць у масавым скопішчы. А сілавікам можна параіць звярнуць увагу на помнікі і скульптуры. Яны не адзін дзень, а некалькі гадоў знаходзяцца на адным месцы без руху. Гэта ж колькі правапарушэнняў помнікі са скульптурамі за гэты час зрабілі!

А ўвогуле, уяўляеце, якой злаччынай стала дзіцячая гульня “Мора хвалюецца раз…” У краіне, дзе затрымліваюць за тое, што нічога не рабіў, могуць і словы з дзіцячай гульні “на месцы марская фігура замры” абавясціць экстрэмісцкімі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ