Пра загад на крытычныя артыкулы



Ну ўсё, дажыліся. Цяпер міністр інфармацыі вызначае, колькі мусіць быць крытычных матэрыялаў у СМІ. Вы толькі ўдумайцеся: міністр інфармацыі незадаволены, што за квартал у раённых СМІ ніводнага крытычнага матэрыяла. Матэрыялы ў рэгіянальных СМІ – гэта акурат тое, чым павінен займацца міністр. Ён бы яшчэ карэктарскай працай заняўся. Вызначыў бы, колькі трэба назоўнікаў выкарыстоўваць, а колькі дзеясловаў. Колькі словаў мусіць быць у назве.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў усё перажывае, што апаненты дзяржавы апарэджваюць правераныя і лаяльныя СМІ, бо ўздымаюць лакальныя праблемы. Вось цяпер міністр інфармацыі даў загад таксама ўздымаць праблемы. Вось незадачка для дзяржаўных СМІ. Праблемы ўздымаць сказалі, а якія можна ўздымаць – не. Як тут не трапіць у пастку. Напішаш пра штосьці не тое – яшчэ трапіш у ворагі дзяржавы. Ці яшчэ горш у экстрэмісты. Не напішаш праблемны матэрыял – таксама кепска. А ўвогуле міністр інфармацыі лепей бы пацікавіўся, колькі сапраўдных журналістаў знаходзіцца за кратамі, колькім давялося з’ехаць і колькі СМІ за апошнія два гады яны закрылі і абвясцілі экстрэмісцкімі матэрыяламі ці фармаваннямі.

За савецкімі часамі планавалі нават, колькі людзей памрэ за квартал. І, адпаведна, планавалі колькасць трунаў для запланаваных нябожчыкаў. Падаецца, хутка такія часы не за гарамі. Вось міністр інфармацыі ўжо незадаволены, што за квартал ніводнага крытычнага матэрыяла ў раённых СМІ. Карацей, спачатку пачнуць планаваць, колькі мусіць быць крытычных матэрыялаў у СМІ. А потым ужо пачнуць і нябожчыкаў планаваць, як у ранейшыя часы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ