Пра „залатую пчолку”, якой не будзe
“Залатая пчолка” – гэта не назва цукерак. Гэта міжнародны фестываль дзіцячай творчасці ў Клімавічах. Сёлета ён мусіў адбыцца з 29 па 31 траўня. Аднак па зразумелых усім прычынах, сёлета праводзіцца не будзе. Пра гэта заявілі нават афіцыйна ў раённым выканаўчым камітэце. Маўляў, паведамляе БелТА, “сітуацыя, звязаная з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі і абмежавальныя меры на правядзенне масавых мерапрыемстваў зрабілі гэта немагчымым”. О! Абмежавальныя меры. А я ўжо і забылася на іх. Аказваецца, у нашай краіне маюцца абмежавальныя меры на правядзяенн масавых мерапрыемстваў. Сапраўды, прымалі такія. Вось толькі меры чамусьці выбарачныя.
“Залатой пчолкі” не будзе, а суботнік быў. І там, і там – многа людзей. Чаму тады спяваць нельга, а масава махаць граблямі можна? Ці ўдзельнікаў суботніка ад нябачнага вірусу абараняў вобраз белага шпіца? “Залатой пчолкі” не будзе, а парад на 9 траўня плануюць арганізаваць. Прычым з удзелам роты ганаровага каравулу, канцэртам, гледачамі і салютам. Чаму спевы ў Клімавічах адмянілі і там “сітуацыя, звязаная з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі і абмежавальныя меры на правядзенне масавых мерапрыемстваў”, а парад у Мінску не? Ці, можа быць, для тых, хто ў танку, вірус нястрашны? Хаця радуе, што прынамсі ў Клімавічах знайшліся адэкватэныя людзі, якія вырашылі не праводзіць масавае дзіцячае мерапрыемства праз пандэмію. А вось салдатаў, якіх загоняць на парад, вельмі шкада. Яны ж таксама чыесьці дзеці.