Пра замежных агентаў



Ведаеце, такое адчуванне, што ў нашай краіне замежным агентам можа лічыцца любы чалавек. Акрамя прадстаўнікоў сілавых структур, прапагандыстаў і чыноўнікаў. І тое, апошнія выклікаюць падазрэнні. Усе астатнія – гэта патэнцыйныя замежныя агенты. Асабліва, калі яшчэ маюць літаратуру па-беларуску, дык увогуле, лічы, самы першы замежны агент. Ніхто, праўда, не ведае, што такое “замежны агент”. Бо ў ніякім законе не гаворыцца пра замежнага агента. Але МУС ва ўсю палохае ўсіх “замежнымі агентамі”. 

Міністэрства ўнутраных спраў адсправаздачылася пра вобшукі, якія пракаціліся па ўсёй краіне. А было іх больш за 80. Ператрусы былі звязаныя з крымінальнай справай аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сярод таго, што канфіскавалі ў праваабаронцаў, жуналістаў і актывістаў, пазначаецца “пратэстная літаратура”. Глядзіш на відэа, што ж гэта за пратэстная літаратура такая. А для МУС гэта часопісы ARCHE, кнігі Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца і Алега Латышонка. Само сабой кніга Віктара Марціновіча пад назвай “Рэвалюцыя”. З такім словам МУС любую кнігу можа назваць пратэстнай. Для ўладаў увогуле слова “рэвалюцыя” небяспечнае, дзе б яно ні сустрэлася. Карацей, МУС цяпер можа палічыць замежным агентам любога чалавека, які абавязкова чытае пратэстную літаратуру.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ