Пра заразлівы прыклад
У Расеі падвышаны попыт выклікаюць тэлефонныя і інтэрнэтавыя драты. Хутка трэба будзе ахову ставіць каля кабеляў. Гэта ж як добра жывуць у суседняй краіне, што там пастаянна драты знікаюць. У Расеі толькі за апошнія некалькі дзён злачынцы скралі не адзін дзясятак метраў дратоў. Напрыклад, у Нефцеюганску Ханты-Мансійскай акругі затрымалі мужчыну, які скраў больш за 112 кг інтэрнэтавага дроту. Вы толькі ўявіце, мужчына прабіраўся незаўважна на гарышча, як той Карлсан. Толькі ў адрозненне ад Карлсана ён там не жыў і цукеркі не еў, а скраў 112 кг кабелю. Заўважце, не кілаграм і нават не 10. А 112 кг! Гэта ж які волат, калі змог вынесці столькі кілаграм сам. Хаця што там 112 кг! Аднойчы ў Расеі скралі вайсковы комплекс “Панцыр” вагой у 72 тоны. У параўнанні з 72 тонамі 112 кг – проста пушынка.
Аднак інтэрнэт-кабелям не пашанцавала і ў іншых рэгіёнах суседняй краіны, з якой цяпер сябруюць улады Беларусі. Ва Уладзівастоку мужчына скраў 619 метраў меднага дроту. У Астрахані невядомыя скралі 40 метраў медных кабеляў, якія мусілі пайсці на добраўпарадкаванне мясцовага скверу. Хаця падумаеш, інтэрнэтавыя драты. Вунь у Маскве неяк скралі частку кабелю ўрадавай сувязі. А ў Санкт-Пецярбургу прысабечылі неяк 200 метраў сакрэтнага кабеля, які належаў Федэратыўнай службе аховы. Хаця, падумаеш, метры. У Нарвегіі скралі 66 км сакрэтнага кабелю, які ішоў па дну акіяна. Вага скрадзенага кабелю – 10 тон. У зоне скрадзенага кабелю пастаянна назіралі расейскі карабель “Янтар”, які, як паведамляюць СМІ, сочыць за дзейнасцю НАТА ў гэтым рэгіёне. Як той казаў, чужы прыклад заразлівы.