Пра жаночае свята не для ўсіх жанчын



Клара Цэткін, якая прапаноўвала заснаваць міжнародны жаночы дзень, каб у гэты дзень праводзіць мітынгі і шэсці, і не падазравала, што акцыі пратэсту заменяць мімозы і цюльпаны. А тыя жанчыны, якія паспрабуюць нешта патрабаваць, будуць, як і сто год таму, сутыкацца з вялікімі праблемамі.

У краінах былога Савецкага саюзу, і не толькі, 8 сакавіка лічыцца жаночым святам. Прычым жаночым настолькі, што жанчыны ў гэты дзень атрымліваюць кветкі, падарункі і пажаданні “жаночага шчасця”. А вось тыя жанчыны, якія ўсё-такі вырашаюць пайсці іншым шляхам, таксама атрымліваюць, але зусім не падарункі. У Кыргістане ўдзельніц дэманстрацыі з нагоды восьмага сакавіка збілі і затрымалі. Жанчыны Бішкека спрабавалі выйсці на мітынг, каб выказацца супраць гвалту і нагадаць пра правы жанчын. У прыватнасці, яны патрабавалі ўвесці крымінальную адказнасць за хатні гвалт. Аднак іх збілі маладыя і агрэсіўныя мужчыны. У Баку, дзе жанчыны таксама выйшлі, каб узняць праблему побытавага гвалту, удзельніц мітынгу затрымалі паліцэйскія. А ў Стамбуле паліцыя ўвогуле выкарыстала ў дачыненні да жанчын слезацечны газ і пагражала сабакамі ўдзельніцам акцыі пратэсту, якія пасмелі публічна ўзняць праблему сямейнага гвалту. Вось і атрымліваецца, што ў некаторых краінах свету на восьмага сакавіка мімозы і тульпаны атрымліваюць жанчыны, калі сядзяць на кухнях і пякуць пірагі. А як толькі гэтыя жанчыны вырашаюць распавесці грамадству і свету пра свае праблемы, то замест падарункаў атрымліваюцьпа карку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ