Пра злачынцаў у форме
Гэта мусіла адбыцца рана ці позна. У Беларусі цяпер любы злодзей можа апрануцца ў форму міліцыі і рабіць усё, што заўгодна. Розніцу ніхто не адчуе. У Мазыры пакаралі рабаўнікоў, якія замаскаваліся пад спецаддзел міліцыі. Здарэнне адбылося яшчэ ў студзені. Рабаўнікі інсцыянавалі спецаперацыю і пераканалі жыхароў аднаго з мазырскіх дамоў, што яны міліцыя. Калі тыя ўпусцілі, то злачынцы звязалі гаспадароў скотчам, катавалі электрашокерам, пасля чаго скралі грошы і зніклі. Як напісалі інтэрнэт-карыстальнікі, калі б гэта адбылося цяпер, то нават бы і заявы не прынялі.
За апошнія тыдні дзеянні міліцыі сталі беспакаранымі. За тое, што адбывалася ў РАУСах і ізалятарах 9-11 жніўня, не заведзеная ніводная крымінальная справа. За збіццё на вуліцах пратэстоўцаў ніводны міліцыянт не звольнены. Ім нават вымова не выказаная. Больш за тое, нейкія невядомыя людзі без апазнавальных знакаў, не прадставіўшыся ходзяць па беларускіх гарадах, нападаюць на беларусаў, без прадстаўлення валакуць у аўтобусы. Так што, здарылася б падобная гісторыя, калі рабаўнікі, апрануўшы форму міліцыі, абакралі жыхароў Мазыра, цяпер, то ніхто і не падумаў бы, што мае справу са злодзеямі.