Пра знешнепалітычны прарыў



Гэта прарыў Міністэрства замежных справаў Беларусі. Да канца студзеня 2022 года ў Зімбабвэ адкрыецца пасольства Беларусі. Вось вы ведаеце, колькі беларусаў жыве ў Зімбабвэ? І я не ведаю. Больш за тое, нават ААН не ведае. Прынамсі, паводле дадзеных за 2019 год дэпартамента ААН па эканамічных і сацыльных пытаннях, беларускіх мігрантаў у Зімбабвэ няма. Вось, напрыклад, ва Украіне ёсць. У Францыі таксама. У Грузіі і Арменіі маюцца. Нават у Балівіі і Чылі ёсць беларускія мігранты. А вось пра Зімбабвэ нічога не вядома. Хаця, можа быць, за два гады штосьці змянілася і беларусы масава эмігравалі ў Зімбабвэ. Новых дадзеных пакуль няма.

Дарэчы, папярэдні прэзідэнт Зімбабвэ, Роберт Мугабэ, кіраваў краінай 37 год. Калі ён памёр, то ў краіне пачаліся масавыя гулянні. Роберту Мугабэ было 95 год. Я думаю, можна не гаварыць, што адбылося ў краіне, дзе ўлада была сканцэнтраваная 37 год у руках аднаго чалавека. Жыхары Зімбабвэ спадзяваліся, што пасля смерці Мугабэ палепшыцца сацыльнае і палітычнае становішча. А змяняцца было чаму. Праваабаронцы называлі Мугабэ жорсткім дыктатарам, падчас кіравання якога краіна прыйшла да жахлівай інфляцыі, эпідэмій і голаду. Падчас ягонага кіравання цэны падвышаліся ўдвая кожныя 24 гадзіны. Напрыклад, бутэлька піва магла каштаваць 100 мільярдаў зімбабвійскіх долараў, а праз гадзіну ўжо 150 мільярдаў. Людзі з краіны проста ўцякалі. А Мугабэ быў забаронены пажыццёва ўезд на тэрыторыю ЗША і ЕЗ. Карацей, у такой найбяднейшай краіне свету, якая не аправілася яшчэ пасля кіравання Мугабэ, самы час адкрываць пасольства. Затое ў Канадзе, дзе жыве больш за 12 тысячаў беларусаў, пасольства закрылі. Грамадзянам, якія пражываюць у Канадзе, параілі звяртацца ў генеральнае консульства ў Нью-Ёрку. Праўда, генеральнае консульства ў Нью-Ёрку таксама закрылі. Нічога страшнага, затое ў нас будзе консульства ў Зімбабвэ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ