Пра зручны для ўладаў каронавірус



Калі б каронавірусу не было, то ўлады Беларусі яго абавязкова прыдумалі б. Гэта ж якая зручная прычына для забароны чагосьці. Як не патрэбна – каронавірус у нас адступае. А як трэба штосьці забараніць, то раптам узгадваюць пра каронавірус.

Больш за год ужо дзейнічае забарона на выезд з краіны. Прычым, калі ў іншых краінах уводзяць дадатковы кантроль для тых, хто прыязджае. То ў Сінявокай усё наадварот: у нас не могуць выехаць самі беларусы. І тлумачыцца гэта клопатам пра саміх беларусаў. Маўляў, пандэмія, самі ўсё разумееце. Прычым у гэты ж момант Міністэрства аховы здароўя гаворыць, што чацвёртая хваля адступае. Аднак дазваляць людзяць выязджаць усё роўна не спяшаюцца. Ну, з такім жа поспехам можна абавязаць людзей насіць узімку цёплыя шапкі, а з прыходам вясны працягваць патрабаваць, каб іх усе насілі. І начхаць хацелі, што хтосьці ад гэтага пакутуе. Як той казаў, праблемы індзейцаў шэрыфа не хвалююць.

У Беларусі забаронена выязджаць з краіны. Пры гэтым, пра новы штам “Амікрон” ніхто не гаворыць. Уводзіць нейкія абмежаванні ў сувязі з імклівым распаўсюдам таксама не збіраюцца. Больш за тое, абвяшчаюць пра тое, што чацвёртая хваля адступае. Чаму пры гэтым дзейнічае забарона на выезд, застаецца пад пытаннем. Хаця здагадацца можна. Вы ж самі ўсё разумееце.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ