Пра зялёныя ручкі



Не, гаворка не ідзе пра страшэнныя аповеды з дзяцінства пра чорную руку ці чырвоны цюльпан. Хаця, калі ўлічыць, што зялёныя ручкі – рэальная гісторыя, то ўсё гэта набывае жахлівы характар. У Туркменістане настаўнікі абавязаныя карыстацца зялёнымі асадкамі і зялёнымі нататнікамі. Да гэтага іх абавязалі тамтэйшыя ўлады. Як паведамляе Радыё Азатлык, ад выкладчыкаў сярэдніх школ нумар 2,4 і 7 запатрабавалі набыць па 5 штук ручак з арнаментам туркменскага дыванка і зялёны нататнік. Самае цікавае, што гэта самыя дарагія асадкі, паколькі яны не вырабляюцца ў Туркменістане. Але, перафразуючы вядомы выраз, праблемы настаўнікаў Гурбангулы не хвалююць.

Акрамя аднолькавых зялёных асадак і настатнікаў туркменскія выкладчыкі мусяць насіць уніформу, якая рэгулюецца дзяржавай. У прыватнасці, настаўніцы мусяць надзяваць на працу нацыянальныя сукенкі, а настаўнікі – аднолькавыя цюбецейкі. Яшчэ б прымусілі ўсіх дыхаць ва ўнісон.

А яшчэ зялёнымі асадкамі мусяць пісаць дэпутаты. Толькі ў іх ручкі адрозніваюцца па форме ў залежнасці ад статусу. Напрыклад, старшыня меджліса мае больш тоўстую зялёную асадку, чым іншыя дэпутаты. Затое адзін вядомы выраз у Туркменістане набывае цяпер цалкам прыстойную афарбоўку: будзем асадкамі мерацца. А ўвогуле, як трапна заўважыў адзін з інтэрнэт-карыстальнікаў наконт зялёных асадак, на дварэ ішло 21 стагоддзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ