Пратэст аўтамабілістаў



Які-небудзь Вася з-пад Вілейкі жыве сабе і не здагадваецца, што ён, аказваецца, вялікі апазіцыянер і ўдзельнічае ў агульнанацыянальным страйку. А ўсё таму, што ён не плаціць дарожны падатак. І такіх, як ён, ажно палова ў рэспубліцы. Проста як у Бенгаліі ў пачатку ХХ стагоддзя, калі падчас нацыянальна-вызвольнага руху жыхары Індыі байкатавалі англійскія тавары. У Беларусі “свадзешы” ніхто не абвяшчаў, але аўтамабілісты, не згаворваючыся, байкатуюць дарожны падатак.

Больш за адзін мільён аўтамабіляў не прайшлі тэхагляд. То бок гэта амаль палова ад усіх зарэгістраваных у краіне машын. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка УП «Белтэхагляд» Уладзімір Півульскі. Але не таму, што больш за адзін мільён аўтамабіляў маюць няспраўнасці. І, канешне, не з-за таго, што беларусы раптам вырашылі стаць грамадска-актыўнымі людзьмі і байкатаваць дарожны падатак. Уся прычына ў тым, што пры праходжанні тэхагляду трэба выкласці кругленькую суму за дарожны падатак. Аддаць 138 рублёў за стандартную легкавую машыну можа не кожны. Асабліва ў вёсках, дзе заробак у месяц акурат складае такую суму. Перад беларусамі паўстае выбар: альбо рамантаваць машыну за апошнія грошы, альбо аддаць дзяржаве за допуск да руху. Вось так Вася з-пад Вілейкі ці Саня з Трактарнага сталі апазіцыянерамі, бо адмовіліся падтрымліваць беларускія ўлады праз тое, што не заплацілі за свае фольксвагены. Без мяне мяне жанілі, як той казаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ