Прэмія Дарвіна для беларускіх злачынцаў



Ёсць прэмія Дарвіна, якая ўручаецца асобам, якія здзейснілі дзіўнае глупства, якое прывяло да фатальнага выніку. Напрыклад, аднойчы прэмію ўручылі злодзею, які ўцякаў ад паліцыі і сам пералез праз агароджу турмы. У Беларусі таксама на гэтым тыдні адбыліся два злачынствы, за якія можна выдаць прэмію Дарвіна.

Чаго не зробіш дзеля кахання. Як пісаў Шэкспір, “любіў, люблю і буду век любімы”. Аднак не ўсім шанцуе на другую палову. Хтосьці каханым кветкі дорыць, хтосьці ўзбіраецца на самыя вялікія горы, хтосьці становіцца рыцарам і змагаецца з ветракамі. А хтосьці проста падпальвае краму. У Чэрвенскім раёне здарылася проста дэтэктыўная гісторыя з любоўным сюжэтам. Агата Крысці адпачывае. Мужчына вырашыў пайсці на злачынства, каб выратаваць сваю каханую. Прадавачка растраціла грошы. І вырашыла схаваць гэта неяк. І нічога лепшага не прыдумала, як проста спаліць краму. Добра, што крама была маленькая, а не які супермаркет на тры паверхі. І вось наш рыцар вырашаў выратаваць каханую, пагадзіўся на яе прапановы і спаліў краму. Справа, праўда, была раскрытая. Знайшлі і растратчыцу, і ейнага каханага, які спаліў краму, каб схаваць, што прадавачка растраціла грошы.

Другі выпадак, які можна намінаваць на прэмію Дарвіна – гэта здарэнне ў Слуцку. Хтосьці абкрадае банкі, крамы і запраўкі, як Боні і Клайд. А хтосьці трапляецца ў рукі праваахоўнікаў, паспрабаваўшы скрасці ўсяго чатыры цыгарэты і запальнічку. Агульная сума рэчаў, якія спрабаваў скрасці мужчына, – 2 рублі 36 капеек. Боні і Клайд проста рагочуць з таго свету. Цяпер мужчыну за спробу крадзяжу чатырох цыгарэт і запальнічкі пагражае да шасці гадоў пазбаўлення. Мог бы проста некалькі гадзін пастаяць каля царквы, папрасіць міласціну. І было б на і цыгарэты, і на запальнічку. І шэсць гадоў бы не пагражала.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ