Расстраляная эліта



У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў менскай турме НКУС расстралялі 100 чалавек. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў Беларусі стала на 100 разумных людзей меней. Сярод іх – літаратары, дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы. Іх розум мог бы спатрэбіцца краіне. Сярод іх мог бы быць будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Іх нашчадкі маглі б цяпер ствараць сучасную Беларусь. Ды і ўвогуле ўся гісторыя магла б пайсці па-іншаму. Замест гэтага да ўлады прыйшоў чарналюд, які цягам некалькіх дзесяцігоддзяў вымушаў і вымушае разумных людзей з’язджаць альбо ісці ва ўнутраную “міграцыю”.

100 чалавек расстралялі па сфабрыкаванай справе. Нібыта за антысавецкую дзейнасць. Нейкая пасрэднасць назвала іх “ворагамі народа”, а потым нікчэмнасць расстраляла. Праз 77 год прозвішчы катаў дагэтуль не ганьбяць, дагэтуль не адбыўся судовы працэс над тымі, хто быў датычны да той трагічнай ночы. Ды і не толькі той. Паводле некаторых гісторыкаў, колькасць рэпрэсаваных у сталінскія часы ў Беларусі сягае 1,5 мільёна чалавек. І нягледзячы на гэта, у нашай краіне дагэтуль не трапілі пад забарону сталінізм і бальшавізм. У нашых гарадах на вуліцах стаяць бюсты Дзяржынскаму і помнікі чэкістам. А самае прыкрае, большасць нашага насельніцтва пра гэтую чорную даты ў беларускай гісторыі нічога не ведае і ведаць не жадае.

А некаторыя нават спрабуюць пераўтварыць гэты чорны дзень у жарты. Сярод расстраляных у тую ноч было 22 пісьменнікі. Многія з іх былі маладымі. Калі я вучылася на філфаку, то выкладчык, які чытаў курс літаратуры той эпохі, распавядаў такую гісторыю. Неяк ён пачуў ад адной студэнткі жарт, што як добра, што гэтых пісьменнікаў расстралялі ў маладым узросце. Маўляў, менш трэба чытаць іх спадчыны. Зразумела, студэнцы той не пашэнціла з іспытам у таго выкладчыка. Аднак, ці з’явілася ў яе адчуванне трагічнасці, што невінаватых расстралялі? Наўрад ці. Відаць, дагэтуль узгадвае, які кепскі быў выкладчык, што папсаваў ёй адзнаку. Ну, а паэты, пісьменнікі ды проста разумныя людзі? Для той студэнткі, як і для большасці беларусаў, да расстралянай эліты няма справы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ